NEWLINECLUB.NET

Главная / Main arrow Новости / News arrow Зямля – наш дом: cветлай памяці Тамары Белавокай
Saturday, 27 May 2017
Welcome!
Главная / Main
О нас / About us
Участие / Participation
Проекты / Projects
Возможности / Opportunities
Каталог / Catalogue
Публикации / Publications
Новости / News
Подписка / Subscribe
Контакты / Contacts
Карта сайта / Site Map
Логин





Забыли пароль?
Вы не зарегистрированы. Регистрация
Зямля – наш дом: cветлай памяці Тамары Белавокай
Написал Dmitry Savelau   
Monday, 07 March 2011
Зямля – наш дом


27.02.2011 г.
Тамара БелавокаяСветлай памяці Тамары Белавокай

Мы разам з ёй рыхтаваліся, каб падвесці вынікі сваіх намаганняў - за чвэртку веку - у пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. І менавіта пра яе, паплечніцу, думаецца мне цяпер і хочацца прыгадаць некаторыя эпізоды з жыцця і дзівоснай руплівасці гэтай жанчыны.

У апошнія гады мы разам працавалі над увасабленнем у жыццё праекта "Маладзёжнага экалагічнага руху", якім яна і яе сябры з Беларускага камітэта "Дзеці Чарнобыля" (створанага ёй), займаліся шмат гадоў; з ёю мы, да прыкладу, вялі экалагічныя школы для лідэраў школьнай моладзі, сістэматычна раз на год падводзілі вынікі конкурсу экалагічных (навукова-даследчых і практычных) праектаў маладых, юных - "Зямля - наш дом". А да гэтага ў яе былі дзясяткі іншых дасціпных, навацыйных, смелых у тым часе праектаў як па вырошчванні чыстых прадуктаў харчавання на забруджаных радыёнуклідамі глебах (у чым яна аніяк не магла знайсці паразумення з дзяржаўнымі структурамі), так і па аптымізацыі ладу жыцця ў постчарнобыльскіх беларускіх вёсках - бліскучы праект, здзейснены ёю ў Валожынскім раёне. Дзякуючы яе ж ініцыятыве і падтрымцы Інстытута гісторыі НАН у асобе Лідзіі Іванаўны Тэгака, загадчыцы аддзела антрапалогіі і экалогіі, у сярэдзіне 90-х гадоў была адкрыта і Акадэмія экалагічнай антрапалогіі, таксама грамадская, але даволі дзейная, паколькі запаўняла у навуцы сваю нішу.

Таму ўжо лагічным рабілася, што камітэт "Дзеці Чарнобыля" разам Міжнародным фондам Арніка "Дапамога хворым на рак шчытападобнай залозы" і Беларускім сацыяльна-экалагічным саюзам Чарнобыль" узяліся за падрыхтоўку і правядзенне 24 - 26 лістапада 2010 года ў Мінску Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "ЭКАЛОГІЯ ЧАЛАВЕКА Ў ПОСТЧАРНОБЫЛЬСКІ ПЕРЫЯД", прысвечанай 25-годдзю Чарнобыльскай катастрофы, практычна - змаганню з гэтай вялікай навалай. Уражваў склад спрактыкаваных даследчыкаў - дакладчыкаў, вольных, адукаваных, іх было каля сотні па розных тэматычных раздзелах, і кожны ўносіў ў агульны рэй штосьці сваё, дасціпнае, вартае. У маім уяўленні, шырока разгорнуты форум ператвараўся ў цуд, бо праходзіў не па заходніх рафінаваных узорах, дзе за словам -­ лоск і нічога больш, - так нярэдка бывала, і не па нашай палітычнай зададзенасці, пры якой кожнае слова вымаўляецца з аглядкай, каб не сказаць "лішняга". Тым і каштоўны грамадскі форум, што на ім дасціпная думка раскоўваецца, выступае без панцыра.

Як бы там ні было, але гэты форум праходзіў зварушліва і ўдала, шукаючы, супольна той рады, што далей рабіць; і ягоныя высновы таксама радавалі - чырвонай ніткай праходзіла думка ад неабходнасці навуковай інтэграцыі даследаванняў, аб'яднанні намаганняў аналітыкаў па чарнобыльскай тэматыцы Беларусі, Украіны і Расіі.

Дыспуты правялі на базе 4-й дзіцячай бальніцы і ў канферэнц-зале Палаца мастацтва - як што паспрыяў таму Беларускі саюз мастакоў. За ўдачу варта лічыць удзел у грамадскай (як-ніяк - грамадскай) канферэнцыі адмыслоўцаў,кампетэнтных вучоных розных краін, акадэмікаў, прадстаўнікоў дзяржаўных структур, што было рэдкім явішчам у беларускім жыцці, бо паказвала на форму грамадзянскай супольнасці!

Асноўным рухавіком у працяглай турботнай справе па падрыхтоўцы форуму зусім натуральна і звыкла (для яе гэта была ўжо ХVIII навукова-практычная канферэнцыя) выступала Тамара Васільеўна Белавокая. Скрушлівай асаблівасцю моманту было тое, што грошай на праект постчарнобыльскага рэю, што меў падвесці вынікі 25-ці гадовай рупнасці грамадскіх і дзяржаўных структур у супрацьстаянні радыяцыі, ніхто не даў - ні свае, ні міжнародныя фонды. І Белавокай даводзілася тут выкладвацца да апошняга і нават аддаваць дзеля справы сваю пенсію.

Я стараўся як найбольш дапамагаць ёй - асабліва ў падрыхтоўцы праграмы форуму ды ў кантактах з верагоднымі яго ўдзельнікамі. Потым, калі падрыхтоўка мерапрыемства скончылася і пачаліся дыскусіі, мне давялося ўжо "збегчы" з бальніцы (куды нечакана трапіў па дзівоснаму дыягназу "небальнічная пнеўманія"), і весці запланаваны раней ў Палацы мастацтва "Круглы стол" па тэме: "Набатная праўда гісторыі". Уражанне: сабраліся людзі і так шмат вылілі тут нечуванага, новага, мала вядомага, што я не ведаў, як схапіць і як утрымаць у запасніках сваёй памяці гэтакую паводку інфармацыі. Шчыра і пранікнёна, кранальна, прагоркла раскрываў непамысную праўду аб Чарнобылі, на самім сабе і сваіх дзецях выпрабаваную, Віктар Кулікоўскі, электрык, ліквідатар; ліквідатарам стаў з першых гадзін аварыі на чацвёртым блоку. Шмат цікавага паведамілі Аляксандр Глушчанка, таксама з тых жа ліквідатараў, навуковы супрацоўнік Вавілаўскага інстытута РАН, ён прыехаў з Масквы (хоць гэта і нязручна было, маючы на нагах пратэзы). Яскравы ўнёсак у дыскусію зрабілі медыкі Людміла Лосева, Алена Карповіч, доктар медыцыны і сацыяльна-псіхалагічнай абароны насельніцтва Эдуард Збароўскі. Там жа разам з намі была і Тамара Белавокая. Яна расказвала пра першыя крокі ў сваёй грамадскай чарнобыльскай дзейнасці, якая пачалася ўжо 3 мая з падрыхтоўкі і распаўсюджвання памятак, лісткоў з рэкамендацыямі для насельніцтва, як паводзіць сябе ў зоне, накрытай Чарнобылем. У атачэнні калег і сяброў нярэдка яна нагадвала мне маці з пчалінай сям'і. Бадай, на гэты раз мы з ёй пачувалі сябе шчаслівымі ад паспяхова праведзенага і тым больш адлюстраванага ў відыёзапісе "юбілейнага" дыскурсу.

Гэта была разумная, цалкам аддадзеная сваёй сям'і, дзецям, свайму грамадзянскаму абавязку жанчына, неўтаймоўная, чулая, пранікнёная, з лёгкім жартаўлівым характарам, тонкім гумарам, часам іроніяй і заўжды-заўжды знаходлівая, сімпатычная, слаўная асоба. Народжаная, між іншым, у нямецкім канцлагеры "Граёва" на тэрыторыі Польшчы. На апошнім годзе вайны. З дзяцінства мела думны, учэпісты позірк... Яе маці Марыя Анісімаўна Чарнянок, жыхарка вёскі Ліхінічы з-пад Круглага, што на Магілёўшчыне, трапіла ў канцэнтрацыйны лагер за сувязь з партызанамі. Дачка Тамара скончыла Ракаўскую сярэднюю школу, вывучылася на доктара... Працавала ў Аксакаўшчыне, у санаторыі Лечкамісіі, які падчас Чарнобыльскай катастрофы ператварылі

ў клініку Інстытута радыяцыйнай медыцыны. Была ўрачом вышэйшай катэгорыі, загадвала аддзяленнем функцыянальнай дыягностыкі, мела вялікі аўтарытэт у супрацоўнікаў і пацыентаў.

Тым часам яна паспела яшчэ запусціць у друк і дачакалася частковага выхаду зборніка матэрыялаў канферэнцыі "Экалогія чалавека ў постчарнобыльскі перыяд". Атрымалася унікальная па сваіх навуковых абагульненнях, лагічных высновах ды сацыяльна-практычнаму досведу кніга...

У Белавокай былі адпаведныя планы наперад. Яна збіралася падоўжыць працу над раней распачатымі праектамі па пашырэнні экалагічнага руху сярод падлеткаў. Парадавала, нарэшце, яе тут і новая спонсарская падтрымка. Навіна самых апошніх дзён... Толькі ж грандыёзная па навукова-інфармацыйнаму выбуху ХVIII канферэнцыя стала яе лебядзінаю песняй.

Адчувала сябе не зусім добра (а ў яе была зацяжная хвароба - непакоілі сасуды, асабліва ног). Гэта было суворае наканаванне лёсу, прысуд, якога так хутка не чакала, а можа, і чакала: час тэрмінова збірацца ў далёкую палявую дарогу, якая нікога не выводзіць назад.

У чацвер яна запрасіла да сябе святара, знайшла свечкі і іншыя патрэбныя яму рэчы - паспавядалася, прычасцілася, зрабіла ўсё як мае быць. Прайшоў дзень. У пятніцу яшчэ адказвала на тэлефонныя званкі. Аднак яе сасуды больш не трывалі - лопнула анеўрызма падуздышнай артэрыі, і яна сама сабе паставіла дыягназ, які потым пацвердзіўся. Спецыялісты хуткай дапамогі наладзілі ёй кропельніцу і, калі адна рука была занятая, другой яна абнімала дзяцей (два сыны і дачка), без слёз і адчаю, як і жыла, пачала развітвацца, усміхалася, казала, што ёй ніхто і нішто больш не паможа, прасіла, каб не везлі яе у бальніцу, наказвала ім усім жыць дружна і годна. Сілай духу трымаючыся ў гэтым шматколерным свеце, была ўсцешаная тым, што не давядзецца лежма ляжаць доўга, хварэць, прычыняючы клопат родным сваім. У тую ноч на суботу 12 лютага, пасля працяглай аперацыі, яна ўжо не прыйшла ў прытомнасць.

Да Тамары вельмі добра ставіліся браты, Іван і Аляксандр, абабітыя жыццём гаспадары прарабскага чыну, цяпер пенсіянеры, і я ніколі не бачыў, каб над дамавінай, прыпадаючы да нябожчыцы, плакаў гэтак горка і няўцешна, наўзрыд, не маючы сіл спыніцца, чалавек, які акурат прыехаў, калі я там туліўся, а гэта быў малодшы - Аляксандр.

Хавалі яе на заснежаных могілках вёскі Гарані, што непадалёку ад пасёлка Аксакаўшчына, дзе яна з мужам жыла. Муж Чэслаў Белавокі выкладаў нямецкую і англійскую мовы ў мясцовай школе.

Я ішоў за дамавінай, дакладней, нёс паперадзе крыж, і ў тым была ўцеха прысутнасці, гонару, з палыноваю гаркатою разам; ад нагэтулькі вялікае страты. І мроілася ў галаве пра вечную памяць і славу падзвіжніцы, што лекавала і ўсяляк ратавала народ.

Васіль ЯКАВЕНКА, пісьменнік, кіраўнік Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза "Чарнобыль"

Source: http://nation-sos.org/index.php?option=com_content&task=view&id=713&Itemid=48



 
< Пред.   След. >
Advertisement
(C) YIEC NEWLINE 2007 | Transformation of Humanities Organization